"Дрэнныя хлопчыкi" ператварылiся ў "Майстроў вулiцы"

16.08.2006

   У нашай краiне сапраўды ёсць брэйкданс. Гэта можна сказаць дакладна, дзякуючы камандзе "STREET MASTERS", якую ведаюць не толькi ў Беларусi, але i за яе межамi -- у Расii, Лiтве, Латвii, Польшчы, Казахстане, ва Украiне. "Майстры вулiцы" з'яўляюцца арганiзатарамi айчыннага чэмпiяната па брэйк-дансу "Баттл Беларусь", Мiжнароднага брэйк-данс фестывалю "Сiла двух", штогадовага фестывалю "Люстэрка вулiц". Гэтыя мерапрыемствы безумоўна прыносяць карысць: дапамагаюць выявiць творчы патэнцыял моладзi, прывучыць яе да здаровага ладу жыцця, спрыяюць развiццю нашай хiп-хоп культуры. Сапраўдныя аматары гэтага экстрымальнага вiда танцу бачылi выступленнi "STREET MASTERS", а магчыма, нават займаюцца ў iх школе брэйк-данса. У блiжэйшы час выступленне вядомай каманды можна пабачыць 30 жнiўня ў канцэртнай зале "Мiнск" у сумеснай праграме з "Нестандартным варыянтам" пад назвай "Хiп-хоп атака". Аднак не станем чакаць гэтага дня i пазнаёмiмся з рабятамi ўжо зараз пры дапамозе iх кiраўнiка Ягора Марозава.
Знаёмцеся: Сокал, Петрык, Ксёнс, Юра i Рыжы.
 -- Вiншую каманду з пяцiгадовым юбiлеем! Цiкава даведацца, як наогул яна ўзнiкла?
 -- Гэта было ў 1999 годзе. Не ставiў перад сабой такой задачы -- стварыць танцавальны гурт. Я працаваў дзi-джэям на дыскатэцы  “Вэлкам” и кiнатэатра "Сучаснiк" i арганiзоўваў канцэрты. Пазнаёмiўся з рабятамi, якiя пачынамi танцаваць брэйк. Неяк яны папрасiлi знайсцi iм залу, уладзiць нейкiя моманты. Для мяне гэта ператварылася ў хобi. Сумяшчаць сваю працу i дапамогу камандзе аказалася цяжка. Дырэктар дыскатэкi сказаў, каб я рабiў выбар. Не кiнуў рабят i стаў iх кiраўнiком. З таго саставу засталiся толькi Саша Карэцкi i Вадзiм Галаскок. Яны зараз знаходзяцца на кантракце ў Тайванi: удзельнiчаюць там у парадах i шоў. Як у любым калектыве ў нас iснуе ўцечка кадраў, таму з цягам часу ў камандзе з'явiлiся новыя людзi. Зараз "STREET MASTERS" -- ужо сфармаваны калектыў, куды ўваходзяць пяць асноўных танцораў (чатыры выступаюць, а пяты на падыходзе), адмiнiстратар сайта, штатны дзi-джэй, аператар, кiраўнiкi. Неабавязкова быць у камандзе i танцаваць: кожны займаецца сваёй справай. Таксама iснуе школа брэй-данса, дзе выкладаюць нашы найлепшыя танцоры -- Дзянiс Ксяневiч, Юрый Злобiч i Андрэй Сакалоўскi. Першыя два вучаць групы ў Мiнску, а апошнi -- у Заслаўлi.
 -- Растлумачце выбар назвы для калектыва.
 -- Памятаю, што iснаваў шэраг варыянтаў. Чаму мы лiчым Днём нараджэння сваёй каманды 15 сакавiка? Тады вызначылiся з канчатковай назвай, кропкай трэнiровак. Сама ж каманда iснавала з 1999-га i мела розныя назвы. На маю думку, яны былi вельмi дзiцячымi накшталт "Дрэнных хлопчыкаў". Канешне, на той момант 15-16-гадовыя юнакi не маглi прыдумаць нешта iншае. З цягам часу мiнулыя назвы перасталi мяне задавальняць. Неяк (не памятаю ўжо хто гэта быў) мне прапанавалi назву "STREET MASTERS". Яна спадабалася сваёй гучнасцю. Тым больш што гэтыя словы разумеюць нават тыя, хто не валодае англiйскай мовай. Магчыма перакладаць "Майстры вулiц" альбо "Уладальнiкi вулiц". Гэта каму што блiжэйшае. Iснуюць жа такiя назвы гуртоў на англiйскi манер, дзе язык лёгка зламаць: трэба вымаўляць некалькi цяжкiх слоў. Наша ў гэтым сэнсе выйграе: лёгкая i запамiнаецца.
 -- Пазнаёмце, калi ласка, чытачоў з самiмi рабятамi.
 -- Яны танцуюць у калектыве з 2000 года. Некаторыя перайшлi да нас з iншых гуртоў. Прафесiйней за астатнiх быў падрыхтаваны Дзянiс Ксяневiч, бо скончыў Акадэмiю фiзвыхавання. Юрый Злобiч, Аляксандр Вiльбiк i Аляксандр Пятроўскi яшчэ вучацца ў ВНУ. Андрэй Сакалоўскi па спецыяльнасцi -- мяснiк. Блiжэй за ўсiх, канешне, да танцаў -- Дзянiс. Ён стралок i па адукацыi з'яўляецца выкладчыкам фiзвыхавання, чым зараз i займаецца.
 -- У iх iснуюць мянушкi?
 -- Канешне! У асноўным яны ўтвараюцца ад прозвiшчаў: Сакалоўскi -- Сокал, Пятроўскi -- Петрык, Ксяневiч -- Ксёнс. Вiльбiк Саша -- Рыжы з-за колеру свайго валосся.
 -- Цi iснуе ўзроставая планка для рабят, якiя ўваходзяць у аснову, як скажам, у футбалiстаў?
 -- Сярэднi ўзрост у камандзе -- 20 гадоў. У нас малады калектыў, таму пакуль аб нейкiх планках казаць цяжка. У свеце брэйк-данса iснуюць прыклады танцораў, якiя працягваюць выступаць i ў 40. Напрыклад, немец Шторм. Усё залежыць ад асабiстых якасцяў самой асобы.
Аб карэйцах "без башнi" i блiжэйшых канкурэнтах
-- Першае дасягненне "STREET MASTERS" -- гэта...
-- На першым адкрытым чэмпiянаце Беларусi па брэйк-дансу"Battle оf Belaruss 2000" перамаглi ў намiнацыi "Лепшае шоу каманды2000 года". Хаця маштабным нашым выйграшам лiчыцца поспех на Мiжнародным фестывалi брэйк-данса "Бiтва года -- 2004" у Ялце (Крым). Там рабяты паказалi лепшае шоў фестывалю. Летась на першынстве краiны "Баттл Беларусь-- 2004" узялi адразу тры намiнацыi: сталi абсалютнымi пераможцамi, паказалi лепшае шоу, а Дзянiс Ксяневiч быў прызнаны лепшым бi-боем.
 -- Цi значыць гэта, што з вашым калектывам канкурыраваць зараз астатнiм беларускiм камандам цяжка?
 -- Канкурэнцыi мы не адчуваем наогул. Гэта звязана з тым, што ў большасцi нашых гуртоў усё яшчэ адбываецца на дзiцячым, не надта сур'ёзным узроўнi. Для iх гэта хобi, а для нас -- ужо праца. Рознiцу адчуваеце? У нас усё арганiзавана, строга. Рэпетыцыi праходзяць штодня акрамя суботы, працягваюцца па дзве гадзiны, i прапускаць iх нельга. Толькi па ўважлiвай прычыне. Зразумела, што ад рэпетыцый таксама вызваляюць канцэртныя выступленнi. Прафесiянальных танцораў брэйка ў нашай краiне мала -- каманд 10-15. Усё перакулiлася: чатыры гады таму Брэст i Гродна з'яўлялiся моцнымi школамi, зараз сiтуацыя iншая. "Вырас" Гомель. У Магiлёве iснуе каманда, якая часта займае другое месца на "Баттл Беларусi".
 -- Хто ж лiчыцца мацнейшымi танцорамi брэйка ў свеце?
 -- Першае месца чэмпiяната свету звычайна дзеляць французы i карэйцы, хаця апошнiх магчыма нават паспавiць вышэй, бо яны людзi "без башнi". Вельмi моцныя амерыканцы, але яны не так актыўна ўмешваюцца ў гэтую барацьбу, бо ў iх хапае сваiх крутых фестываляў. Дарэчы, першынства планеты кожны год праходзiць у нямецкiм Брауншвайг, бо наш вiд танцу не адносiцца да алiмпiйскай праграмы, таму нiхто не выбiрае гаспадароў спаборнiцтваў. Iснуе мноства фестываляў у розных краiнах, а Германiя зрабiла чэмпiянат свету сваёй прэрагатывай. Усе ведаюць яго як адзiн з культавых i прыязджаюць менавiта туды, бо гэта дадатковы прыстыж. Мы таксама ўдзельнiчалi ў адборы i занялi там дзесятае месца. Выйсцi на сусветны ўзровень цяжка не толькi на фiнансавых прычынах: некаторыя танцуюць па 15 гадоў, мы менш. З блiжэйшымi суседзямi нам канкурыраваць магчыма. Уваходзiм у дзесятку каманд на постсавецкай прасторы. Лiдзiруюць кiеўляне, масквiчы, пiцерцы.
Учора, сёння, заўтра...
 -- Ваша каманда ўжо мае першы клiп "Для ўсiх людзей планеты". Якiя яшчэ рыхтуеце сюрпрызы аматарам брэйка?
 -- Два новыя нумары (iх можна будзе пабачыць на канцэрце 30 жнiўня). Плануем выпусцiць альбом у пачатку вясны на свой Дзень нараджэн яго рабочая назва "Пачуццi кожнага дня"ня. Таксама зняць новы клiп разам з музычным гуртом "GS", хацiм зрабiць нешта накшталт таго, што паказалi "Ляпiсы" i "Аварыя". Восенню будзе тур па Беларусi. 8 красавiка зноў арганiзоўваем чэмпiянат "Баттл Беларусь".
 -- Калi вы праводзiце яго, то i лягчэй будзе перамагчы менавiта рабятам вашага гурта...
 --  Магу запэўнiць, што судзейства будзе аб'ектыўным: заўжды запрашаем арбiтраў з боку. У 2003-м кiеўлян, у 2004-м лiтоўцаў, сёлета -- каманду з Крыма. Дарэчы, нашых рабят таксама клiчуць судзiць. Напрыклад, Дзянiс Ксяневiч ездзiў у Харкаў i Лiтву.
 -- "Майстры вулiцы" выступалi на шоў зорак сусветнай гiмнастыцы ў 2001, 2003 i 2004-м гадах i на Мiжнародным музычным фестывалi "Залаты шлягер 2003", бралi ўдзел у паказальнай праграме Мiжнароднай канвенцыi па аэробiцы "Фiтнэс -- за здаровы лад жыцця", штогадовых спаборнiцтваў на прызы Прэзiдэнта краiны "Залатая шайба". Каманда танцуе толькi за грошы?
 -- Не толькi. Таксама выступаем перад выхаванцамi дзiцячых дамоў. Апошнi раз танцавалi ў 7-м i 8-м у Мiнску. Iснуе такая акцыя "Дзецi-- дзецям", якая выхоўвае ў людзях дабрыню, мiласэрнасць, бескарыслiвасць, адказнасць, самастойнасць. Дзецi, канешне, гэта святое. Бралi ўдзел у дабрачынных канцэртах, накiраваных супраць СНIДа.
 Вярцецца без шапкi -- быць лысым
 -- Як нараджаюцца нумары ў вашай камандзе?
-- Iмкнемся прыдумваць iх да кожнага свята i падкрэслiваць спецыфiку музыкай i касцюмамi (да Новага года, Дня мiлiцыi i г. д.), хаця цяжка паспець гэта зрабiць, бо святаў у нас шмат, а толькi на пастаноўку аднаго нумара ўходзiць два месяцы. Раней музыку пiсаў я, зараз дзi-джэй Prоma. Праграмай займаецца Юра Злобiч.
-- Чаму нельга ўзяць гатовую музыку i пакласцi на яе танец?
 -- Раней мы i рабiлi так, але хочацца жа быць арыгiнальнымi. Магчыма ўзяць хiт i выступаць пад яго. Аднак тая музыка, якая спецыяльна прыдумваецца для кожнага нумара, прадстаўляе сабою нарэзку з рознымi пераходамi: гэта дапамагае гледачам разумець тэму i пабачыць нейкае дзеянне, а не проста рухi.
 -- Якiх мер бяспекi заўжды патрэбна прытрымлiвацца вашым танцорам падчас трэнiровак i выступленняў?
 -- За пяць гадоў траўмаў у нас было мала, хаця брэйк прыраўнiваецца да экстрымальных вiдаў. Выкарыстоўваюцца накаленнiкi, напульснiкi, налакотнiкi. Яны нават спецыяльна выстаўляецца на паказ, бо зараз пайшла мода на R' N' B: у напульснiках ходзяць i тыя, хто не танцуюць, таму што гэта стыльна. Каб вярцецца на галаве, трэба апрануць спецыяльную шапку: заўсёды вярцець без яе -- значыць застацца без валосся. Праўда зараз "галава" ужо адыходзiць. Папулярна прыдумваць свае "фiшкi", быць iндывiдуальным танцорам. У нашых нумарах рабяты па-рознаму заходзяць, таму i выступленнi ўспрымаюцца па-iншаму.
 Дзяўчыны ў "STREET MASTERS"? Гэта рэальна!
--  Мяне могуць узяць у вашу школу?
 -- У нас займаецца 50 % дзяўчат. Прыходзiць можа кожны жадаючы незалежна ад ўзросту. Ёсць i тыя, каму за 30. Самым маленькiм вучням 6 гадоў. Спецыяльнай падрыхтоўкi не патрабуецца. Дарэчы, калi мы заўважаем, што нехта выдзяляецца, а не сядзiць на лаўцы, пераводзiм гэтага чалавека трэнiравацца туды, дзе займаецца асноўная каманда. Дзякуючы паспяховаму абучэнню можна павысiць колькасць гадзiн заняткаў i знiзiць аплату i наогул пазбавiцца ад яе. Уся iнфармацыя аб школе размешчана на сайце http://www.street-masters.org Магу паведамiць кошт заняткаў – 55 тысяч рублёу ў месяц. Iснуюць больш танныя школы, дзе заняткi каштуюць 30-35 тысяч рублёў, але не паўсюль усё наладжана на ўзроўнi. Да нас пераходзяць дзецi з iншых школ. Некаторых прыводзяць бацькi, якiя жаляцца, што заплацiлi грошы, а вынiка няма. Тым больш што мы штогод праводзiм анкетаванне, каб высвятлiць што не задавальняе нашым вучняў: камусьцi сiнхроны, хтосьцi просiць больш займацца.
-- Ёсць верагоднасць, што калiсьцi дзяўчыны разбавяць мужчынскую каманду?
 -- Вельмi хацелася б, але пакуль гэта праблематычна. Некаторыя дзяўчыны, якiя танцуюць у школе, ужо падаюць надзеi, бачна, што яны жадаюць займацца. У нас школа дастаткова дэмакратычная: не прадугледжвае толькi заняткi ў групе, а наадварот прапагандуе iндывiдуальны падыход да кожнага чалавека. Разам займаюцца толькi ў час размiнкi. Здараецца, нехта пабачыць, як "STREET MASTERS" выконвае трук, i просiць трэнера яму навучыць. Мы толькi за. Аднак не станем навязваць вярценне на галаве, калi чалавек гэтага не жадае рабiць. У дзяўчат, як i ў хлопцаў, iснуць неблагiя шанцы трапiць у нашу каманду. Патрэбна толькi не пакiдаць брэйк, калi нешта не атрымлiваецца адразу.
 

Размаўляла Iрына ПРЫМАК.

Автор: Iрына ПРЫМАК
Источник: Беларуская газета “ЗВЯЗДА” 19 жнiуня 2005 г. Пятнiца № 155 (25487)

Вернуться к списку

© 2006 Street Masters     Республика Беларусь, г. Минск, центральный парк им. Горького.